У таматна-агурковым царстве

У таматна-агурковым царстве

Не заціхае працоўны рытм у цяплічным камбінаце ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Працэс вырошчвання агуркоў і таматаў вядзецца канвеерам – адна работа з раслінамі змяняецца другой. А зялёныя сцены, між якіх завіхаюцца плодаагароднікі, нагадваюць сапраўднае казачнае царства.

Як нам расказала галоўны тэхнолаг камбіната Марыя Бяляўская, літаральна праз дзень вя-
дзецца выбарка агуркоў, якія раскінуліся на 5,5 га. Пладаносяць расліны на чатырох з іх, а на астатніх 1,5 га растуць ужо маладыя пабегі агуркоў другога абароту. Першы ўраджай сёлета сабраны быў раней звычайнага – на эксперыментальных участках, дзе арганізавана дадатковая падсветка, плады спелі хутка. На бягучы момант усяго сабрана 870 тон свежых агурочкаў.

Тым часам пачалі паспяваць і першыя таматы, якія размешчаны на 4,5 га. Пладаносяць расліны на 1,5 з іх, астатнія пакрысе ўступаюць у фазу пладанашэння. Першыя 30 тон таматаў сабраны і разам з агуркамі рэалізоўваюцца ў фірменных гандлёвых кропках “Рассвета”, дзе не залежваюцца на паліцах.

У вялікім і дружным калектыве камбіната працуюць 146 цяплічнікаў. Пераважная большасць работнікаў – 100 чалавек – плодаагароднікі. З шасці гадзін раніцы вядуць яны догляд раслін, збіраюць спелыя плады. Пачынаюць завіхацца так рана, каб паспець, пакуль сонца не ўзнялося высока, бо тады становіцца вельмі спякотна.

Побач старанна працуюць і вопытныя агароднікі, і маладыя кадры, якія вучацца ў старэйшых калег. На агурковых участках добрасумленна выконваюць свае абавязкі Таццяна Гутарава, Людміла Кахновіч, Кацярына Бяляўская,Таццяна Максіменка, Вольга Бяляўская. Нядаўна да дружнай сям’і пасля заканчэння Жыліцкага сельгаскаледжа далучылася малады спецыяліст Дзіяна Хлыстова, якая старанна пераймае цяплічную навуку.

Уважліва сочаць за пабегамі і пладамі таматаў Валянціна Цішкова, Валянціна Нікалаенкава, Алена Русецкая, Святлана Халатава і многія іншыя. Усе разам цяплічнікі працуюць на папаўненне грамадскай касы сельгасарганізацыі, адначасова забяспечваючы вітаміннай прадукцыяй патрэбы насельніцтва ў Кіраўску, Бабруйску, Магілёве.

Аляксандр ХАХЛОЎ. Фота аўтара.